Намінацыя “Гісторыя адной вандроўкі” Падарожжа па родных мясцінах

Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка”

Падрыхтаваў: Салодкін Юрый Віктаравіч,

 3 клас, 8 гадоў

Кіраўнік: Баравік Людміла Віктараўна,

настаўнік пачатковых класа

Часта ад дарослых можна пачуць: “Упэўніся на асабістым вопыце”. Я  не задумваўся над гэтымі словамі, але выпадак у час летняга адпачынку дапамог мне разабрацца ў сэнсе выразу.

Да  вандроўкі па родных мясцінах нашага аграгарадка Какоўчына мы пачалі рыхтавацца загадзя. Разам з настаўніцай распрацавалі маршрут падарожжа. Галоўнай тэмай абралі вывучэнне прыродазнаўчых і гістарычных аб’ектаў малой Радзімы. Доўга абмяркоўвалі месцы прыпынку. Людміла Віктараўна дала рэкамендацыі па прадуктах харчавання, прыпынілася на тых, якія лепш не браць з сабой. Асаблівую ўвагу надала напоям, сказаўшы, што пітная вада – самы надзейны сябар у паходзе.

  І вось наступіў той дзень, калі нас настаўнікі сабралі для атрымання інструкцый па правілах паводзін у час вандроўкі. Нам заставалася чакаць толькі спрыяльнага надвор’я. Амаль усю ноч я не мог заснуць. Зноў у думках “перабіраў” свой рукзак. Падхапіўся ад маміных слоў: “Сынок, пара ўставаць!”

  Поўнасцю экіпіраваны я накіраваўся да прыпынку школьнага аўтобуса. Зручны абутак, кепка на галаве, легкае адзенне, а самае галоўнае – прыемны пах прысмакаў, што напаўнялі мой рукзак, паляпшалі настрой. Дарога да школы праляцела вельмі хутка.

 Апошнія настаўленні дырэктара - і мы адправіліся ў дарогу. Сыпаліся жарты, кожны стараўся расказаць, што ўзяў з сабой, настрой быў прыўзнятым. Надышоў час першага прыпынку. Мы падышлі да будынка Какоўчынскага сельскага выканаўчага камітэта. Ля яго цэнтральнага ўвахода размяшчаецца  мемарыяльная дошка ў гонар былога начальніка Беларускай чыгункі Валадзько Яўгена Іванавіча. Настаўніца расказала пра  жыццевы шлях нашага земляка, вядомага ў Беларусі кіраўніка і проста цудоўнага чалавека. Дзяўчаты ўсклалі кветкі, і мы рушылі далей.

Прыціхлыя стаялі каля помніка загінуўшым воінам, якія вызвалялі Какоўчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усклалі кветкі да помніка. Мінута маўчання. Вучні прачыталі вершы ў гонар подзвігу беларускага народа.

  Мы выйшлі на ўскраіну нашага аграгарадка. Нас зацікавіў крыж, які стаіць на самым канцы вескі. Настаўніца расказала, што раней на гэтым месцы стаяла царква, якая згарэла перад самай вайной, тут жа быў і стары царкоўны пагост. Цяпер мясцовыя жыхары ўстанавілі памятны крыж, даглядаюць гэта месца.

Далей наш шлях пралягаў каля пачатку вялікага тарфянога балота. Мы з задавальненнем вызначалі прызнакі гэтага прыроднага супольніцтва, успомнілі, што беларускія балоты з’яўляюцца легкімі Еўропы. Затым Людміла Віктараўна звярнула ўвагу на вялікія валуны, што ляжалі сярод поля.

-     Раней тут быў адзіны калодзеж на ўсю веску. Нягледзячы на тое, што ен быў вельмі глыбокі, вада ў ім доўга не затрымлівалася. Жыхары вескі, каб набраць вады, былі вымушаны нават ноччу займаць чаргу. І гэта праблема існавала да таго часу, пакуль у 70-ыя гады ХХ стагоддзя не правялі цэнтральны вадапровад,- расказала Людміла Віктараўна.- Зараз пра гэта напамінаюць толькі камяні. А ў мяне да вас есць прапанова. Пад гэтымі камянямі есць шчыліна. Я бачу, што вы прытаміліся. У вас есць магчымасць выкласці з рукзакоў тое, што вам не спатрэбіцца.

Трэба адзначыць, што мы некалькі прыпынілі свой ход. Сонца стала вельмі гарачым, рукзак – цяжкім. Усе з гатоўнасцю нахіліліся над сваімі пакункамі.  

Я пачаў перабіраць свой рукзак і доўга вагаўся, што пакінуць: бутэльку звычайнай вады ці смачны, на мой густ, напітак “Фанта”. Нарэшце бутэльку з вадой я рашуча паклаў пад валуны і закрыў рукзак. Закончылі перабіраць свае пакункі і мае спадарожнікі.

Шлях наш пралягаў міма месца, якое ў весцы завецца Гурамі. Настаўніца расказала нам, што ў 1944 годзе, пры вызваленні вескі ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў тут быў вялікі танкавы бой, было многа загінуўшых.Савецкіх воінаў мясцовыя жыхары пахавалі ў весцы. Загінуўшых нямецкіх салдат хавалі тут. Крышачку страшнавата стала ад гэтых слоў, і  мы паскорылі крок.

Дарога крута пайшла ўверх, і Людміла Віктараўна расказала, што мы знаходзімся на Занавай гары. (Дадатак 1).

Мы не заўважылі, як пад гэты цікавы гістарычны аповед падышлі да апошняга пункта нашага падарожжа. Перад намі раскінуўся бярозавы гай. Бярозкі віталі нас, клікалі завітаць у цянек. Мы размясціліся на вялікай паляне, падсілкаваліся, адпачылі. Затым разам з настаўнікамі прыбіралі сухое голле, ламачча, пакінутае ветрам, а падчас і людзьмі.

Усе мацней прыпякала сонейка, усе часцей падбягалі мы да сваіх пакункаў, бо дужа хацелася піць. Нарэшце знесены апошнія галіны. Стомленыя, але задаволеныя вынікамі сваей працы, мы размясціліся для адпачынку.

Людміла Віктараўна расказала нам, што бярозавы гай цягнецца ўздоўж старога Кацярынінскага тракту, па якім у далекія гады можна было даехаць аж да самага Пецярбурга. Далей, на скрыжаванні дзвюх дарог стаялі дзве карчмы. Падарожнікі маглі адпачыць і паесці. Яшчэ і цяпер тут можна знайсці старынныя манеты, посуд і іншыя прадметы побыту таго часу. Людміла Віктараўна прапанавала нам пытанні па гісторыі беларускай кухні, і  мы ўспаміналі стравы нашых продкаў. У гэты час мне асабліва захацелася піць.  Бутэлька з-пад “Фанты” была пустая. Я вырашыў звярнуцца да сваіх сяброў, папрасіць папіць. Але вады не было ні ў кога. Настаўніца павяла аповед пра крыніцы, якія білі крышачку ніжэй бярозавага гаю ды поўнілі рэчку Адроў. З цягам часу зацягнуліся яны цінай ды травой. Ад гэтых слоў мне яшчэ больш захацелася піць. Мае сябры таксама адчувалі смагу, даўно былі знішчаны прыпасы вады.

Нас ужо не цікавілі гульні, не  хацелася і адпачываць. Людміла Віктараўна прапанавала ўспомніць шлях, па якім мы сення ішлі. “Хто з вас, рабяты, зробіць гэта дакладна, атрымае прыз”,- дадала яна. Я азваўся першым. “Школа - дошка памяці Яўгена Валадзько – помнік загінуўшым воінам – крыж на месцы царквы – край тарфянога балота – валуны, дзе стаяў калодзеж (я ўздыхнуў, успомніўшы бутэльку з вадой) – Гуры – Занава гара – бярозавы гай”, -  пералічыў я. Малайчына, Юра. А што б ты хацеў у якасці прыза?” “Бутэльку вады! Піць хачу!”- гучна крыкнуў я. Людміла Віктараўна ўсміхнулася і дастала са свайго рукзака бутэльку вады: “Хто яшчэ хоча піць?” Мы кінуліся да настаўніцы, з асцярогай трымалі свой посуд, а затым з асалодай пілі  крышачку цеплаватую ваду.

 Надышоў час вяртацца дадому. Мы ішлі задаволеныя сваім падарожжам. Дружна смяяліся, калі высветлілася, што каля валуноў усе пакінулі бутэлькі з вадой.  Забралі іх і падвялі вынік гэтаму здарэнню: “Есць хлеб ды вада – усе не бяда!”

Вось і школьны двор. Падарожжа па родных мясцінах закончылася. Мы даведаліся шмат новага пра свой родны край, пра сваіх землякоў.

А я на асабістым вопыце ўпэўніўся, што можна памыліцца ў сваім выбары, але самае галоўнае - гэта своечасова зразумець і запомніць свае памылкі.    

 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий